ПАЛА́БСКАЯ МО́ВА,

мёртвая мова; належыць да зах.-слав. моў (гл. Славянскія мовы). Была пашырана да 1-й пал. 18 ст. па левым беразе р. Лаба (Эльба; цяпер тэр. зямлі Ніжняя Саксонія, Германія). Адметныя рысы П.м.: захаванне насавых галосных, аорыста і імперфекта, рэшткаў парнага ліку, рухомы націск, спрашчэнне скланення, вял. колькасць ням. запазычанняў у лексіцы і інш. Пісьменства не мела, але ў 17—18 ст. было складзена некалькі слоўнікаў і запісаны некаторыя тэксты на П.м. Асн. помнікі палабскага пісьменства — нататкі палабскага селяніна Я.П.Шульцэ і ням.-палабскі слоўнік К.Хеніга на 5 тыс. слоў. Сярод даследчыкаў П.м. — Т.Лер-Сплавінскі, К.Палянскі (этымалагічны слоўнік П.м.), А.Я.Супрун і інш.

Літ.:

Супрун А.Е. Полабский язык. Мн., 1987.

А.В.Зінкевіч.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)